Янка
Маўр (сапр. Фёдараў Іван), нарадзіўся 10.05.1883 г.
у горадзе Лібава (цяпер горад Ліепая, Латвія) у
сям'і сталяра.
Дзяцінства правёў на
радзіме маці - у вёсцы Лебянішкі Ковенскай
губерні (цяпер Летува). Скончыў пачатковую, затым
рамесную навучальню ў Коўне. У 1899 г. паступіў у
Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Быў
выключаны за ўдзел у гуртку рэвалюцыйнай
моладзі. У 1903 г. здаў экстэрнам экзамен і атрымаў
званне настаўніка пачатковай школы. Працаваў
памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Летува), у
вёсцы Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 г. удзельнічаў у
нелегальным з'ездзе рэвалюцыйна настроеных
настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына. Разам з Якубам
Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў
аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у
школе і ўзяты пад нагляд паліцыі. Толькі ў 1911 г.
удалося ўладкавацца выкладчыкам геаграфіі і
гісторыі ў Менскую прыватную гандлёвую школу.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у школе,
у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, у
Наркамаце асветы БССР, у Беларускім дзяржаўным
выдавецтве. З 1930 г. быў на творчай працы. Сябра СП
СССР з 1934 г.
Узнагароджаны двума
ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам
«Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры
БССР (1968).
Памёр 03.08.1971 г.
У 1923 г. у газеце «Савецкая
Беларусь» і ленінградскім часопісе «Бегемот»
друкаваў фельетоны. З першым апавяданнем
выступіў у друку ў 1926 г. (часопіс «Беларускі
піянер»). Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў
«Чалавек ідзе» (1927), «У краіне райскай птушкі» (1928,
1983), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930,
аповесць экранізавана ў 1935), «Слезы Тубі» (1930),
«Аповесць будучых дзён» (1932), «ТВТ» (1934), «Вакол
свету» (1947), «Шлях з цемры» (1948), «Апавяданні» (1951),
«Аповесці і апавяданні» (выбранае, 1954),
«Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (часопіс
«Маладосць», 1954-1955), «Аповесці і апавяданні» (1969),
апавядання «Цётка Эмілія» (1954), байкі «Пекла» (1929),
рамана «Амок» (1930). У 1952 г. выйшлі Выбраныя творы, у
1960 г. - Збор твораў у 2-х, у 1975-1976 гг. - у 4 тамах.
Аўтар п'есы «Памылка»
(апублікавана і пастаўлена ў 1940), аднаактовак
«Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946).
Пераклаў на беларускую
мову асобныя творы Г.К.Андэрсена,
Д.Маміна-Сібірака, М.Прышвіна, А.Чэхава,
Р.Кіплінга, М.Твэна, Ж.Верна, В.Гюго, А.Гайдара,
В.Шклоўскага, А.Конанава.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
БССР (пасмяротна, 1972) за аповесці «Чалавек ідзе»,
«У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Палескія
рабінзоны», «ТВТ», «Шлях з цемры», раман «Амок».
|